«Як ідзе падрыхтоўка да чацвёртага Форуму рэгіёнаў?», - интервью Александра Шумилина газете «Звязда»

16.03.17 11:12 / Просмотров:655

У гэтым годзе, як і ў мінулыя тры, мусіць адбыцца падзея, якая абяцае беларускім прадпрыемствам мільённыя кантракты, новыя рынкі збыту і ажыўленне ўжо даўно напрацаваных. Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі традыцыйна становіцца багатым на наладжванне сувязяў для абодвух бакоў. Спецыяльна для «МС» пра галоўную тэму будучага форуму — інавацыі — расказаў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр ШУМІЛІН.


— Галоўныя тэмы Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў гэтым годзе — высокія тэхналогіі і інавацыі. Якім чынам узаемадзеянне на рэгіянальным узроўні можа вывесці гэтыя сферы на новы для нашай краіны ўзровень?

— Узаемадзеянне рэгіёнаў Беларусі і Расіі ўносіць значны ўклад у развіццё эканамічных сувязяў. Гэта ўмацоўвае як двухбаковыя адносіны нашых краін, так і працэс будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Менавіта таму неабходна нарошчваць паслядоўныя намаганні па перавядзенні нацыянальных эканомік на інавацыйны шлях развіцця, стварэнні высокаэфектыўных і высокатэхналагічных вытворчасцяў, пашырэнні вытворчай кааперацыі.

Найважнейшая тэндэнцыя апошняга часу — нарастанне інтэграцыйных працэсаў Беларусі і Расіі ў навукова-тэхнічнай сферы на рэгіянальным узроўні. Навука становіцца глабальным фактарам грамадскага развіцця. Супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай сферы служыць найважнейшым складнікам эфектыўнага ўзаемадзеяння абедзвюх дзяржаў. Яно заключаецца ў пашырэнні кааперацыі і інтэграцыі ў галіне сумесных даследаванняў і распрацовак праз праграмы Саюзнай дзяржавы.

Нягледзячы на тое, што ўзаемадзеянне дзвюх дзяржаў выйшла на новы ўзровень стратэгічнага партнёрства, сёння мы яшчэ не можам гаварыць аб цэласнай сістэме навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, навукова-тэхнічнай дзейнасці рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Гэта асабліва важна з улікам узмацнення канкурэнцыі на сусветным рынку. У гэтых умовах залогам паспяховага пераадолення цяжкасцяў павінна стаць супрацоўніцтва па выпуску высокатэхналагічнай навукаёмістай прадукцыі, заснаванай на новых ведах, інавацыях, удасканаленых тэхналогіях, якія будуць укараняцца ў серыйную вытворчасць у Беларусі і Расіі.

Пры гэтым фарміраванне і правядзенне адзінай навукова-тэхнічнай, прамысловай, энергетычнай, транспартна-лагістычнай і гандлёвай палітыкі нашых краін будзе ў значнай ступені стымуляваць вытворчасць такой прадукцыі і спрыяць павышэнню яе экспартнага патэнцыялу, уключэнню ў гэты працэс зацікаўленых прадстаўнікоў дзелавых колаў дзвюх краін.

— Чым беларускія навукоўцы могуць зацікавіць расійскіх? У якіх сферах нашы даследчыкі асабліва моцныя? І наадварот, як расійскія вучоныя ўплываюць на развіццё беларускай навукі ў рамках форуму?

— Сярод прыярытэтаў у галіне навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх вучоных — даследаванне космасу, энергетыка, харчаванне, новыя матэрыялы і тэхналогіі.

У касмічнай галіне ўжо выканана пяць саюзных праграм, цяпер распрацоўваюцца яшчэ дзве. Дзякуючы супрацоўніцтву з расійскімі калегамі, беларускім спецыялістам удалося стварыць касмічную групоўку спадарожнікаў. Цяпер ажыццяўляецца работа над яшчэ адным апаратам дыстанцыйнага зандзіравання. Кіраванне і прыём інфармацыі ў спадарожнікаў узаемазаменныя: у выпадках збою ў рабоце аднаго з апаратаў беларусы змогуць кіраваць імі, і наадварот. Па сутнасці, для Беларусі гэта развіццё новай галіны — касмічных тэхналогій.

Іншым важным напрамкам супрацоўніцтва з'яўляюцца саюзныя праграмы ў галіне інфармацыйных тэхналогій. Сумесна з расійскімі калегамі распрацавана сістэма суперкамп'ютараў «Скіф» і звязаных з імі праграмна-інфармацыйных сродкаў. На базе сямейства суперкамп'ютараў створаны цэнтр калектыўнага карыстання ў Аб'яднаным інстытуце праблем інфарматыкі і Аб'яднаным інстытуце энергетычных і ядзерных даследаванняў НАН Беларусі. Актыўна развіваецца кірунак па стварэнні праблемна арыентаваных інфармацыйна-касмічных распрацовак і іх укараненні ў практыку. Так, у праграме «СКІФ-Нетры» распрацоўваюцца спецыялізаваныя апаратна-праграмныя сродкі для пошуку і выкарыстання карысных выкапняў.

У ліку ўзаемавыгадных кірункаў супрацоўніцтва вучоных Беларусі і Расіі можна назваць праграмы ў галіне электронікі, звышвысокачастотных выпраменьванняў і святлодыёднай тэхнікі і прыбораў на іх аснове. У гэтых кірунках беларускія спецыялісты плённа супрацоўнічаюць з Санкт-Пецярбургскім навуковым цэнтрам РАН, Фізіка-тэхнічным інстытутам імя А.Ф. Іофе, інавацыйным цэнтрам «Сколкава».

Існуе шырокі спектр пытанняў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць у галіне медыцыны. Гэта тэматыка ствалавых клетак, тэхналогіі іх выкарыстання, новыя лекі, тэхніка і новыя матэрыялы для медыцыны. Яшчэ адзін з перспектыўных і паспяховых напрамкаў супрацоўніцтва беларускіх вучоных з навукоўцамі Новасібірскай вобласці звязаны са стварэннем новых матэрыялаў як для машынабудавання, так і для хімічнай прамысловасці. Развіваецца супрацоўніцтва ў сферы біятэхналогій.

У Новасібірску ёсць прадпрыемства, якое цалкам працуе на беларускім абсталяванні вытворчасці «Планар». Гаворка ідзе пра сістэмы для мікралітаграфіі. Ёсць зацікаўленасць у сібірскіх навукоўцаў і ва ўдзеле ў распрацоўцы праектаў навукова-тэхнічных праграм Саюзнай дзяржавы. Асаблівая ўвага будзе звернута на распрацоўку новых лазерных і адытыўных тэхналогій, а таксама механічнай апрацоўкі ў машынабудаванні. Перспектыўнымі бачацца і даследаванні ў галіне прататыпавання матэрыялаў, элементаў і прылад нана-, опта- і біяэлектронікі.

У Інстытуце ядзернай фізікі новасібірскага Акадэмгарадка расійскія і беларускія навукоўцы працягваюць сумесную працу над кантраляваным тэрмаядзерным сінтэзам, што дасць магчымасць стварыць тэрмаядзерны рэактар. Ключавой перавагай гэтай распрацоўкі перад атамнай энергетыкай з'яўляецца бяспека такіх станцый.

Пад­час трэ­ця­га Фо­ру­му рэ­гі­ё­наў Бе­ла­ру­сі і Ра­сіі. Мэр Маск­вы Сяр­гей Са­бя­нін на­ве­даў вы­стаў­ку «Бе­ла­гра-2016».

Пад­час трэ­ця­га Фо­ру­му рэ­гі­ё­наў Бе­ла­ру­сі і Ра­сіі. Мэр Маск­вы Сяр­гей Са­бя­нін на­ве­даў вы­стаў­ку «Бе­ла­гра-2016».

— Па вопыце мінулага года, якая эфектыўнасць — па факце — ад сустрэч падчас Форуму рэгіёнаў?

— Эканамічны эфект — больш за 20 новых дакументаў, падпісаных у ходзе форуму, а таксама каля 150 камерцыйных кантрактаў на суму звыш 230 мільёнаў долараў ЗША.

— Што, на ваш погляд, варта ўдасканаліць у мерапрыемстве? Ці дастаткова той праграмы, якая была?

— Існуючы фармат мерапрыемства дазваляе абмеркаваць шырокае кола пытанняў двухбаковага ўзаемадзеяння, накіраванага на пашырэнне міжрэгіянальнага беларуска-расійскага супрацоўніцтва, вызначыць праблемы і шляхі іх вырашэння, а таксама перспектыўныя напрамкі далейшага супрацоўніцтва.

Ужо зацверджаны рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні ў 2017 годзе Года навукі, які з'яўляецца своеасаблівай «дарожнай картай» максімальнага ўключэння навуковай сферы ў забеспячэнне канкурэнтаздольнасці Беларусі на сусветным рынку і дзе асноўны акцэнт зроблены на арганізацыі інавацыйнай дзейнасці ў галіне навукі і на міжнародным супрацоўніцтве.

Так, на першым пасяджэнні беларускай і расійскай частак арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні чацвёртага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі мною было прапанавана ў рамках форуму правесці пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Дзень беларускай навукі. Яго цэнтральным мерапрыемствам будзе выстаўка навукова-тэхнічных і інавацыйных распрацовак. Яна мусіць стаць дыскусійнай пляцоўкай для абмену думкамі і вопытам беларускіх і расійскіх вучоных. У рамках выстаўкі будзе арганізаваны кірмаш патэнтаў (карысных вырабаў).

Плануецца, што Дзень беларускай навукі пройдзе напярэдадні форуму, 27—28 чэрвеня ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. У рамках Дня навукі будуць праведзены круглыя сталы, адбудзецца наведванне прадпрыемстваў, навуковых арганізацый і ўстаноў, тэхнапаркаў, плануецца заключэнне пагадненняў, падпісанне камерцыйных кантрактаў паміж рэгіёнамі і суб'ектамі гаспадарання ў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах.

 

 

У тэму


Галоўны раздзел — для інавацый

У Савеце Рэспублікі ўжо ідзе падрыхтоўка да чацвёртага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Пакуль вырашаюцца арганізацыйныя пытанні, размеркаваны сферы адказнасці.

Так, Пастаянная камісія па эканоміцы, бюджэце і фінансах адказвае за арганізацыю кірмашу-продажу, а таксама выстаўкі. Як паведаміў карэспандэнту «МС» старшыня Пастаяннай камісіі Уладзімір Панцюхоў, у праекце яе канцэпцыі ўжо вызначана каля дзясятка раздзелаў.

Паколькі асноўная тэма форуму — інавацыі, адзін з кластараў будзе прысвечаны навукова-тэхнічнаму і інавацыйнаму патэнцыялу. Сярод экспанентаў секцыі — амаль усе дзяржаўныя ўніверсітэты: тэхнічны, інфарматыкі і радыёэлектронікі, тэхналагічны, БДУ. Вядома, што да ўдзелу далучыцца і Акадэмія навук, яе Інстытут хіміі новых матэрыялаў, НПЦ па матэрыялазнаўстве, Фізіка-тэхнічны інстытут. Падчас экспазіцыі плануецца прадэманстраваць дасягненні ў сферы касмічных тэхналогій, электронікі і радыёэлектронікі, найноўшых тэхналогій і матэрыялаў, інжынерыі паверхняў, прыбораў і абсталявання.

У рамках аднаго кластара выстаўкі — «прамысловага» — прадэманстраваць свае дасягненні плануюць «Інтэграл», «Магілёўліфтмаш», «МАЗ», «Амкадор», «Мінскі трактарны завод» і яшчэ дзясятак айчынных прадпрыемстваў. Гэта будзе адзін з самых відовішчных раздзелаў, бо тут плануецца паказаць сумесныя беларуска-расійскія распрацоўкі ў станка- і машынабудаванні, электратэхнічнай прадукцыі, ліфтавым абсталяванні, стралковай і бранятанкавай зброі, а таксама ў аўтамабільнай, сельскагаспадарчай і дарожна-будаўнічай тэхніцы.

Астатнія раздзелы прысвечаны сферам аховы здароўя, фармацэўтыцы, хіміі і нафтахіміі, ваенна-прамысловаму комплексу, Парку высокіх тэхналогій, інавацыйным прадпрыемствам прыватнай формы ўласнасці, Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі.

 

Вераніка ПУСТАВІТ


Читать интервью полностью на портале газеты «Звязда»